Калi ў ХIII ст. крыўскiя землi апынулiся пад панаваннем лiтоўскай дынастыi, нашы прашчуры iмязовы “лiтва”, “лiтвiн” прынялi як тэр[мiн] для абазначання дзяржаўнай прыналежнасцi. Кожны крывiч з роду i племенi быў “лiтвiном” па дзяржаўнай сваёй прыналежнасцi i “русiн” па веравызнанню.
Так разумелi тэрмiн “русь” вялiкiя князi лiтоўскiя i нашы крыўскiя пiсьменнiкi ўключна з Францiшом Скарынам. Так, в. кн. Казiмiр у акце 1440 года падзяляе сваiх падданых: “ляхь, лiтвiн, витблянин, русин (кiеўшчына) или с иных наших земль”. З гэтага бачым, што толькi адна Кiеўшчына, як быўшы цэнтр i гняздо варагаў-русi, насiла назоў “русь” у палiтычна-тэрытарыяльным значэннi. Праглядаючы акты i дзяржаўныя дакументы б. Вял. Кн. Лiтоўскага, раз-пораз сустрачаем гэткiя акрэсленнi: “Шляхта литовского и руского народа” ў значэннi каталiкi i праваслаўныя, або “панове и шляхта обоего закону и веры хрестиянское: римского закону — литва и греческого — русь” (Первольф. Славяне. Т. III. Ч. II).
Географ i гiсторык В. Кн. Лiтоўскага, Гвагнiн, iтальянец, якi жыў у канцы ХVI ст., гаворачы аб Вiльнi, кажа: “…у гэтым горадзе святынь рымскай i рускай веры, мураваных i драўляных, маецца каля 40; такжа мiтрапалiт рускi, у царкве рускай вялiкай, прысвячонай Прасвятой Дзеве, якую яны называюць Прачыстай, мае сваю сталiцу. А ва ўсiм Княстве Лiтоўскiм сем рускiх уладык: полацкi, львоўскi, валадзiмерскi, пiнскi, луцкi i кiеўскi”. (“Кrоniка” надрукавана па-лацiнску ў 1578 годзе, а ў перакладзе на польскую мову ў 1611 г.)
З першапачатнага назову “русь”, пад уплывам вiзантыцкага канцылярскага стылю, вытварылiся назовы “Русь Белая, Чорная, Вялiкая i Малая” (глядзi стаццю Первольфа ў Аrсhiv fur Slаv. Рhilоlоgiе “Аб назовах Русь (Россия) Вялiкая, Малая, Белая”).
Назоў “Белая Русь” найраней выступае ў прускiх немцаў як тэрмiн геаграфiчны, але пад гэтым геаграфiчным назовам яны разумелi не крыўскiя землi, а землi, распаложаныя на ўсход ад Белавозера. На адной з першых друкаваных карт наогул i першай друкаванай карце Нямеччыны ў асобнасцi, апрацаванай кардыналам Мiкалаем Кузанам2 у 1460 годзе i адбiтай у 1491 годзе, паказаны: Роlоniа, Рrussia, Sаmоgitiа, Livоniа, Littuaniа, Роdоliа, Russiа (Галiччына) i Albа Russiа sivе Моsсоviа (Белая Русiя, або Масковiя). Гэтакiм чынам, у канцы ХIII i пачатку ХIV ст. назоў “Белая Русь” немцы лiчылi паралельным назовам для абазначання Масковii. На некаторых картах ХIV ст. назоў “Белая Русь” аднесена яшчэ далей на поўнач, на адну шырыню з Халмагорамi; гэткае палажэнне мае “Белая Русь”, прыкладам, на карце Масковii iтальянскага географа Якуба Гастальдзi 1548 года, дзе мы бачым на далёкай поўначы Russia biаnka (Белая Русь), а на поўднi з правай стараны Дняпра — Russia Rossa (Чырвоная Русь). (Гл.: Курс белоруссоведения: Лекции, читанныя в Белорусском народном университете в Москве летом 1918 года. М., 1918—1920. Б. 95—96. Стацця праф. Анучына.) У ХVII i ХVIII стст. Белая Русь саўсiм немаль зыходзiць з геаграфiчных карт. А гэта вось чаму.